А́КТАВЫЯ КНІ́ГІ,
спецыяльныя кнігі ў судах ВКЛ і Польшчы ў 14—18 ст. У ВКЛ афіцыйна ўведзены Статутам ВКЛ 1529. Да сярэдзіны 16 ст. ўсе запісы рабіліся ў адной кнізе паводле часу паступлення спраў у суд. Паводле Статута ВКЛ 1566 зацверджаны земскі і гродскі суды з асобнымі актавымі кнігамі, якія падзяляліся на паточныя (запісваліся скаргі істцоў, пярэчанні адказчыкаў, данясенні судовых чыноўнікаў), запісавыя (запісваліся акты натарыяльнага характару і афіц. дакументы — прывілеі вял. князёў, пастановы соймаў і соймікаў) і дэкрэтавыя (запісваліся судовыя пастановы, працэсуальныя дзеянні суда і бакоў). Трыбуналы, каптуровыя і інш. суды ВКЛ вялі ўласныя актавыя кнігі.
т. 1, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)